Государственное учреждение образования "Средняя школа № 37 г. Могилева"
 
Главная > Учебные предметы > Белорусский язык и литература
 
Заданні па алімпіядзе 9-11 клас
Даведкi 9 клас
Даведкі 10 клас
Даведкі 11 клас
Комплексная работа1 этапа рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры ( 9 клас)
Комплексная работа для правядзення1 этапа рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры 10 клас
Комплексная работа для правядзення 1 этапа рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры (11 клас)
 
Кніга – добры сябар і дарадчык
У чацвер 24 мая вучні 5 “Е” класа сабраліся ў школьнай бібліятэцы , каб акунуцца ў таямнічую атмасферу мастацтва слова, выбраць кнігі для чытання. Вучні з цікавасцю знаёміліся з навінкамі бібліятэчнага фонду, а вучаніцы 11 “Б” класа Белахвостава Дар`я і Якаўлева Арына параілі малодшым сябрам, што цікава прачытаць летам. Чытайце кнігі! Гэта вельмі цікава, займальна і пазнавальна. Хай сустрэча з кнігай заўсёды выклікае ў вас захапленне і радасць.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Т.В. Царова

 
Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю. (Я. Колас)
Гэтыя палымяныя словы Якуба Коласа сталі дэвізам і наказам нам, нашчадкам роднай зямлі, каб мы ведалі, шанавалі родную мову і захоўвалі тое, што зараз маем. 17 мая 2018 года ў дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа № 37 г. Магілёва” для вучняў 7-ых класаў  прайшло мерапрыемства “Беларускі Жуль Верн”, прысвечаная 135- годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка  Янкі Маўра. Яго называлі «бацькам беларускай дзіцячай літаратуры» і «капітанам дзіцячых падарожжаў». Яго кнігамі захапляліся Купала з жонкай, іх перакладчыкамі на замежныя мовы часта выступалі самыя простыя чытачы, уражаныя талентам творцы. Ён умеў настолькі пераканаўча напісаць пра вандроўкі і прыгоды, што не ўзнікала сумневаў: аўтар там быў і ўсё бачыў на свае вочы. Вядомага беларускага пісьменніка Янку Маўра сёння часта ўспрымаюць перш за ўсё як аўтара кніг для дзяцей і падлеткаў, але ж ён пісаў і кнігі для дарослых, быў таленавітым гісторыкам і географам, валодаў міжнароднай мовай эсперанта. У час мерапрыемства рабяты даведаліся пра біяграфію беларускага пісьменніка, падрыхтавалі газеты да юбілея пісьменніка і намалявалі малюнкі да яго твораў. Для вучняў быў арганізаваны прагляд фільма “Капітан дзіцячых падарожжаў”, які пазнаёміў іх з жыццёвым і творчым шляхам Я.Маўра. Затым хлопцы і дзяўчаты з задавальненнем прынялі ўдзел у віктарыне “Падарожжа ў краіну Янкі Маўра”. Асаблівую цікавасць у іх выклікала літаратурная гульня “Успомні назвы”. Мерапрыемствы дапамаглі вучням пераканацца ў тым, што Янка Маўр – Беларускі Жуль Верн і Міклуха-Маклай у адной асобе, чалавек з крылатай фантазіяй, а яго кнігі – гэта падарожжа і прыгоды ў любы час і любы куточак свету.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Балахонава Наталля Фёдараўна

 
Зямля пад белымі крыламі
Беларусы – людзі з асобным характарам. А якія яны, беларусы? На гэта пытанне шукалі адказ сямікласнікі падчас мерапрыемства, прысвечанага нацыянальным традыцыям беларусаў. Вучні пазнаёміліся з абсталяваннем сялянскай хаты, шукалі на фотаздымках калаўрот, кросны, куфар, кубел і іншыя прылады, якія можна было сустрэць у гаспадарцы пачатку дваццатага стагоддзя. Не заўсёды лёгка рабяты спраўляліся з гэтай задачай, але затое колькі новых эмоцый! Цікавасць выклікала традыцыйная драўляная механічная цацка беларускіх дзяцей. Не адразу вучні здагадаліся, якой справай займаліся жанчыны з пранікамі ў руках. Хлопчыкі і дзяўчынкі адгадвалі словы, працягвалі выразы, паказвалі рэчы на малюнках. Любіць сваю краіну, матэрыяльную і духоўную культуру павінен кожны беларус!

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Сакратарова С.М.

 
Давайце не цурацца нашай мовы

Давайце не цурацца нашай мовы,

Заўжды на мове нашай размаўляць,

Бо хіба ёсць пяшчотней што, чым словы,

Якія з вуснаў матчыных гучаць.

Пад такім эпіграфам 22 сакавіка прайшло пазакласнае мерапрыемства ў рамках адзінага дня маўлення ў 6 “Г” класе. Навучэнцы знаёміліся са святамі, якія адзначалі нашы продкі. Шасцікласнікі расказалі пра традыцыйныя каляндарныя святы беларускага народа: Каляды, Грамніцы, або Стрэчанне, Масленіцу, Вялікдзень, Купалле, Пакровы, якія ўзніклі яшчэ далёка да прыняцця Хрысціянства. Вучні паведамілі, што многія з іх, каб прадоўжыць народныя традыцыі, прымаюць удзел у святах. У час падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемства прыйшлі да высновы, наколькі важна і неабходна адраджаць беларускія народныя традыцыі, памятаць і шанаваць тое, што шанавалі нашыя продкі. Цудоўнае, шчырае і пяшчотнае беларускае слова  гучала на фоне беларускай народнай музыкі. Мерапрыемства прайшло па-сапраўднаму шчыра і ўрачыста.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Балахонава Н.Ф.

 
План правядзення тыдня беларускай мовы і літаратуры “З любоўю да роднага слова” 19 лютага па 24 лютага 2018 года
Я – беларус, і я шчаслівы…

Я – беларус, і я шчаслівы,

Што маці мову мне дала,

Што родных песень пералівы

І зблізку чую, і здаля.

Ніл Гілевіч

У 5 “Г” класе прайшло цікавае мерапрыемства, прысвечанае адзінаму Дню беларускай мовы. Вучні загадзя атрымалі заданне намаляваць прыроду Беларусі, а таксама гарадскія пейзажы. А потым кожны расказваў пра свой асабісты малюнак. Але не проста так, а выконваючы нейкае заданне. Напрыклад, расказаць пра сваю работу, выкарыстоўваючы простыя і складаныя сказы, развітыя і неразвітыя, пытальныя і пабуджальныя. У парах спаборнічалі на званне самага ўважлівага вучня. Трэба было назваць прадметы, убачаныя на малюнку, але толькі пэўнай часціны мовы. Не адзін раз прачыталі хлопчыкі і дзяўчынкі верш Ніла Гілевіча, пакуль шукалі ў ім мяккія і зацвярдзелыя гукі, шыпячыя і свісцячыя. І шмат іншых займальных заданняў выконвалі дзеці пад час мерапрыемства. Вучні здзіўляліся, смяяліся, адкрывалі для сябе новае. Час праляцеў непрыкметна. Застаўся добры настрой і жаданне яшчэ лепш ведаць родную мову.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Сакратарова С.М.

 
Родная мова
У рамках тыдня беларускай мовы і літаратуры вучні 10 “А” класа падрыхтавалі віктарыну – прэзентацыю “ Пуцявінамі перакананага асветніка і драматурга”, прысвечаную 210-годдзю са дня нараджэння В.Дуніна-Марцінкевіча. Дзесяцікласнікамі былі падабраны цікавыя факты з біяграфіі В. Дуніна-Марцінкевіча, зроблены агляд яго творчасці. Звярнулі ўвагу і на тое, што напісаныя п’есы выконваліся ў створаным ім тэатры, дзе акцёрам выступаў сам пісьменнік. Пытанні і адказы віктарыны былі ілюстрыраваны фотаздымкамі і відэаролікамі. На віктарыну – прэзентацыю запрасілі вучняў 8-ых класаў. Знаёмства з творчасцю В.Дуніна-Марцінкевіча на ўроках літаратуры іх яшчэ чакае наперадзе. Але спадзяёмся, што цікавасць да асобы пісьменніка ў іх не знікне.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Панцюхова Л.В.

 
Паслухаўшы сэрца, бярэ ён дуду беларускую ў рукі…
23 лютага ў 11”А” класе адбылася чытацкая канферэнцыя “Вядомы і невядомы В. Дунін-Марцінкевіч”, прысвечаная 210-годдзю з Дня нараджэння прадстаўніка класікі беларускай паэзіі і драматургіі. Вучні з цікавасцю прайшліся сцежкамі жыцця Беларускага Дудара, выступілі ў ролі даследчыкаў цікавых фактаў з яго біяграфіі, падрыхтавалі прэзентацыю, лінгвістычную газету, прысвечаныя жыццю і творчасці вядомага паэта, драматурга, аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, адказалі на цікавыя і пазнавальныя пытанні віктарыны.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Т.В. Царова

 
Вынікі школьнай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры
20 лютага адбылася школьная алімпіяда для вучняў 5-8 класаў. Вучні мелі магчымасць прадэманставаць свае веды па беларускай мове і літаратуры. Лепшымі сярод пяцікласнікаў сталі: Хітрыкава Кацярына, Халамаў Мікалай – першае месца; на другім месцы – Родзькіна Кацярына, Гербелева Кацярына; трэцяе месца – Саладкоў Міхаіл, Бондарава Караліна. Сярод шасцікласнікаў пераможцамі сталі: Ісаева Юлія, Ацесленка Паліна – першае месца; на другім – Казначэева Яўгенія; трэцяе месца – Зуськова Ганна і Маісееў Мікіта. Сярод сямікласнікаў лепшыя: Цурпанава Яна, Канцавая Марына – першае месца; Кавалёва Маргарыта – другое; Аўдзеева Кацярына, Булавецкі Данііл – трэцяе. Васьмікласнікі-пераможцы: Мароз Аліна, Марчанка Паліна – першае месца; Якуціна Лаліта – другое; Ніканорава Анастасія, Мысава Ірына – трэцяе.

Віншуем пераможцаў! Жадаем поспехаў на другім (раённым) этапе алімпіяды.

 
Родная мова – выток і аснова…
З 19 па 24 лютага ў нашай школе праходзіў тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Дэвізам тыдня сталі словы : “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску”. Вучні 5-11 класаў прымалі актыўны ўдзел у правядзенні шэрагу мерапрыемстваў. На працягу ўсяго тыдня дзейнічала акцыя “Салодкі смак роднай мовы”, усе разам святочна адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы. Фіналам тыдня была праведзена літаратурная вечарына, прысвечаная 210-годдзю з Дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, якую падрыхтавалі вучні 8-9, 11 класаў. Навучэнцы расказвалі вершы, прысвечаныя Беларускаму Дудару, спявалі песні на роднай мове, праінсцэніравалі ўрыўкі з п’есы “Пінская шляхта” В. Дуніна-Марцінкевіча, падрыхтавалі цікавыя слайды прэзентацыі аб жыцці і творчасці аднаго з прадстаўнікоў класікі беларускай літаратуры, прагледзелі дакументальны фільм “Жыццёвы лёс В. Дуніна-Марцінкевіча”, сцэны са спектакля “Пінская шляхта”. Падчас мерапрыемства царыла атмасфера дабрыні, утульнасці, павагі да роднага слова. Усе засталіся задаволены літаратурнай вечарынай. Хай гучыць беларуская мова праз гады, праз стагоддзі…

Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Т.В. Царова, Н.Ф. Балахонава

 
Знаўцы роднай мовы
У рамках тыдня беларускай мовы сярод каманд 7 “Б” і 7 “Е” класаў прайшла інтэлект-гульня “Знаўцы беларускай мовы”. Шчырыя прыхільнікі беларускай мовы спрачаліся за званне лепшага знаўцы беларускай мовы і літаратуры. На першым этапе гульцам трэба было знайсці правільныя адказы, звязаныя не толькі з веданнем беларускай мовы. Удзельнікі каманд павінны былі добра арыентавацца ў геаграфіі Беларусі і пытаннях гісторыі сваёй краіны. У наступных конкурсах вучні пазнавалі на слайдах прадметы; займаліся перакладам слоў, словазлучэнняў і сказаў з рускай мовы на беларускую; тлумачылі сэнс рэдкаўжывальных слоў; вучыліся правільна ўжываць фразеалагізмы. З лёгкасцю гульцы справіліся з конкурсам, у якім трэба было працытаваць урыўкі з пройдзеных твораў, успомніць назву і аўтара пачутага верша. Апошні этап быў музычны. Вучні эмацыйна, з захапленнем імкнуліся працягнуць словы беларускіх песень. Гэта мерапрыемства паказала з якой цікавасцю і любоўю юнакі і дзяўчаты ставяцца да роднай мовы.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Сакратарова С. М.

 
Тыдзень беларускай мовы і літаратуры
З 19 па 24 лютага ў нашай школе праходзіць Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Менавіта ў 6 “Д” класе была прведзена гутарка на маральная-этычную тэму “Чалавек – гэта цэлы свет”. Вучні загадзя рыхтавалі вершы, песні, прыказкі, прымаўкі. Нездарма кажуць, што сапраўдная дружба правяраецца не столькі бядой, колькі радасцю. Што ж такое дружба? Вычні прыйшлі да высновы, што дружба правяраецца гадамі. Калі людзі сябруюць шмат гадоў, то яны разам перажылі вельмі многае і прайшлі “выпрабаванне на трываласць” Сапраўдны сябар ніколі не не здрадзіць, не прамяняе цябе на нейкія выгады. Ніколі не забывайце сваіх сяброў!

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Іванова Т.П.

 
Гімн роднай мове
Сёння 21 лютага ў 7 “В”,7 “Г” класах прайшло мерапрыемства“Гімн роднай мове”, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы. Вучні яшчэ раз дакрануліся да сакавітай, мілагучнай мовы. Удзельнікі мерапрыемства з вялікай асалодай чыталі вершы беларускіх пісьменнікаў пра родную мову. Асабліва цікавай і пазнавальнай была інтэрактыўная гульня “Прыказкі”, вельмі спадабалася пастаноўка народнай казкі. Навучэнцы пераканаліся ў тым, што беларуская мова – вялікі і бясцэнны скарб нашага народа, яе трэба берагчы, як самую дарагую спадчыну нашых продкаў.

Мову родную беражы.

Мовай роднаю даражы.

Мову родную шануй.

Мовай роднай не гандлюй.

Мову родную любі.

Мовы роднай не кідай.

Мову дзецям перадай.

Мовы не аддай на здзек.

Толькі з ёю жыцця век. (Віктар Швед)



Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Балахонава Н.Ф.

 
Міжнародны дзень роднай мовы
21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У гонар гэтага свята ў нашай школе прагучала радыёгазета, у якой было адзначана, што беларуская мова займае пачэснае месца сярод моў свету. Менавіта праз родную мову, праз слова адраджаецца душа чалавека, душа народа, душа нацыі. Беларуская мова з’яўляецца дзяржаўнай. Усім вядома, што мова – адзін з галоўных стрыжняў нацыі, тая духоўная тэрыторыя, на якой народ адчувае сябе моцным і стойкім. Будзь жа разам з тымі, хто думае пра яе будучыню. Размаўляй па-беларуску, бо заўтра наша мова табе, тваім дзецям і ўнукам стане неабходнай. І не саромейся недасканалай гаворкі.

Кажуць, мова мая аджывае

Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.

Для мяне ж яна вечна жывая,

Як раса, як сляза, як зара. (П.Панчанка)



Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Балахонава Н.Ф.

 
Гавары са мной па-беларуску
Гавары са мной па-беларуску Якая прыгожая, мілагучная, мяккая і той жа час яскравая наша мова. На кожны выпадак знойдзецца ў ёй патрэбнае слова і трапны фразеалагізм. На гэтай мове размаўлялі нашы дзяды і прадзеды, за яе існаванне змагаліся нашы продкі. Толькі гэту мову мы можам назваць роднай, бо гэта мова нашай зямлі. Каб выклікаць цікавасць і прывіць любоў да роднага слова ў нашай школе з 19.02 па 24.02 традыцыйна праходзіць Тыдзень беларускай мовы і літаратуры пад дэвізам:

Сто гадоў шукай другой красы,

А тым больш, што свет зусім не вузкі.

Ды калі ты не бязродны сын,

Гавары са мной па-беларуску.

Яўгенія Янішчыц

У першы дзень стартавала акцыя “Размаўляй са мной па-беларуску” сярод вучняў 5 класаў, якія з энтузіязмам узяліся за справу. Акцыя будзе працягвацца тыдзень. У панядзелак пяцікласнікі наведалі дзіцячую бібліятэку імя А.С.Пушкіна, дзе супрацоўнікі ўстановы падрыхтавалі для іх цікавае і змястоўнае мерапрыемства: віктарыну-спаборніцтва “Хто мы? Адкуль мы?” Актыўна і з імпэтам навучэнцы адказвалі на пытанні, даведаліся шмат новага і цікавага пра нашу краіну і славутых людзей Беларусі.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Герасімава Н.В.

 
Тыдзень беларускай мовы
З 19 па 24 лютага ў нашай школе праходзіць тыдзень беларускай мовы, прысвечаны 210-годдзю з Дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. На працягу ўсяго тыдня ў школе дзейнічае акцыя “Размаўляем па-беларуску”, на перапынках гучыць беларуская музыка, дзеці з цікавасцю глядзяць анімацыйныя фільмы “Дзед” , “Піліпка”, “Аповесць мінулых часоў” і г.д., можна паслухаць інфармацыю пра жыццёвы лёс Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, паглядзець урыўкі са спектакля “Пінская шляхта”. Дзеці з задавальненнем прымаюць удзел ва ўсіх мерапрыемствах.

Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Т.В. Царова, Н.В. Герасімава

 
І гучыць беларуская мова
29.09.2016 года ў 10 “Б” класе прайшла літаратурная сустрэча “І гучыць беларуская мова”, прысвечаная адзінаму Дню беларускай мовы. Мерапрыемства праходзіла ў легкай, дабразычлівай атмасферы. Вучні чыталі свае любімыя вершы, расказвалі аб іх аўтарах – вядомых беларускіх паэтах, успаміналі традыцыі і культуру продкаў. Ніхто з дзяцей не застаўся абыякавым. Было бачна, што ў сэрцы кожнага з іх жыве сапраўдная любоў да роднай мовы, да жывога беларускага слова.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Т.В. Царова
 
Дзень беларускай мовы
Сёння 22 верасня, у Дзень беларускай мовы, вучні 9-ых класаў нашай школы сабраліся разам,каб аддаць даніну павагі беларускаму паэту Нілу Гілевічу, якому 30 верасня споўнілася б 85 год.
Літаратурна-музычную кампазіцыю “Не баюся, што мой век нявечны” падрыхтавалі супрацоўнікі бібліятэкі імя А.С.Пушкіна разам з вучнямі 9 “А” класа. Кніжную выставу “Гонар беларускай літаратуры” аформілі супрацоўнікі школьнай бібліятэкі Гарэлік І.П., Каган А.Э.
Гучаць са сцэны пранікнённыя радкі вершаў Н.Гілевіча пра маці і Радзіму, пра вайну і каханне, якія шчыра чытаюць Ксянзова В., Савасціцкая В., Кавалева А., Пунінская А., Карпечанка Л.
Слухае сучасная моладзь паэтычныя радкі Н.Гілевіча, шэпчуць вусны знаёмыя словы… І радасна, што засталася памяць – памяць, якую будзіць Ніл Гілевіч у сваіх чытачах і якую павінны захаваць аб ім мы – ягоныя нашчадкі.

Тэкст Панцюховай Л.В.
Фота Чалнаковай Т.В.
 
Падарожжа па краіне замкаў
Замкі Беларусі — неацэнны культурны і гістарычны нацыянальны скарб. Шмат слаўных гераічных і трагічных старонак нашай гісторыі звязана з імі. 25.01.2018 года вучні 5 “В” класа адправіліся ў цікавую вандроўку па замках Беларусі, якая прайшла ў форме завочнай экскурсіі. У ролі экскурсаводаў – вучні 11 “ А” класа. Яны пазнаемілі пяцікласнікаў з неверагоднымі легендамі і паданнямі, якімі ахутаны старадаўнія замкі. Пры дапамозе слайдаў прэзентацыі, цікавага аповеду вучні акунуліся ў таямнічую атмасферу гістарычнага мінулага Беларусі. Напрыканцы падарожжа пяцікласнікі адказалі на займальныя пытанні віктарыны.

Настаўнік Т. В Царова

 
Адзіны Дзень беларускай мовы
15 верасня 2016 года ў школе прайшоў адзіны Дзень беларускай мовы “Першым было слова”.
У Год культуры яго правядзенне набывае асаблівае значэнне.
Увесь беларускі народ упэўнены ў неабходнасці беражлівага захавання лепшых духоўных здабыткаў, якія дайшлі да нас праз стагоддзі, бо гістарычная памяць і гонар за Радзіму служаць трывалым падмуркам для далейшага развіцця краіны.
Знакавым стаў Дзень беларускага пісьменства, які прайшоў 4 верасня ў г.Рагачове. Вынікам гэтага свята сталі праведзеныя класныя гадзіны “Ад Скарыны да нашых сэрцаў”.
 
2015/2016 навучальны год >>
 

© Государственное учреждение образования "Средняя школа №37 г.Могилёва".
Регистрационное свидетельство Государственного регистра информационных ресурсов № 7141000978 от 05.07.2010 г.
Разработка и ведение сайта: Галиновский А.В. tco_kab@tut.by

МГОИРО Управление образования могилевского облисполкома