Главная > Учебные предметы > Белорусский язык и литература > 2015\2016 учебный год
 
Фестываль-конкурс кароткаметражных фільмаў “Стоп-кадр”
22 лютага ў рамках тыдня беларускай мовы і літаратуры вучні дзясятых класаў правялі фестываль-конкурс “Стоп-кадр”, прысвечаны творчасці беларускіх пісьменнікаў.
Перад навучэнцамі ставілася задача: праз прызму першаснага ўспрымання твора, які ўразіў іх або спадабаўся, без уплыву крытычнага матэрыялу, каментараў і заўваг настаўніка самастойна зняць кароткаметражны фільм. Да кожнай кінастужкі творчая здымачная група падрыхтавала прэзентацыю.
Мерапрыемства патрабавала ад вучняў велізарнага жадання праявіць сябе, прадэманстраваць акцёрскае майстэрства, паказаць сваю адказнасць, настойлівасць, цярпенне ў дасягненні мэты, уменне сувымяраць свае магчымасці, не апускаць рукі пры сустрэчы з няўдачай, не адступаць і ісці далей,а самае галоўнае – уменне працаваць у камандзе.
У выніку дзеці прадэманстравалі гледачам дзевяць кароткаметражным фільмаў. Узнагароду за лепшы фільм атрымала здымачная група вучняў 10”Б” класа. Члены журы і гледачы былі ў захапленні ад прагляду фільма “Вяселле”. За крэатыўнасць былі адзначаны стужкі “Дзіця, Вожык і Змяя”, “Камсамольскі білет”. Лепшымі акцёрамі былі прызнаны Казько Вольга, Бойчанка Мікіта, Лабанок Надзея. Лепшая рэжысёрская работа – фільм “Аве, Марыя”.

Настаўник беларускай мовы и литаратуры Герасiмава Н.В.
 
Беларусь – краіна маёй будучыні
Урок на тэму “Беларусь – краіна маёй будучыні” прайшоў у 9 “Г” класе 17 лютага 2016 г. Менавіта пра будучае нашай краіны, пра будучае вучняў мы гаварылі на ўроку. “Сапраўдная каштоўнасць у адносінах да будучага заключаецца ў тым, каб усе аддаваць сучаснаму” – з гэтай думкай Альберта Камю пагадзіліся і вучні.

Настаўник беларускай мовы и литаратуры Іванова Т.П.
 
Адкрыты ўрок па беларускай літаратуры
18 лютага ў рамках тыдня беларускай мовы і літаратуры прайшоў адкрыты ўрок па беларускай літаратуры ў 8 “Е” класе.
Тэма ўрока складаная і цікавая адначасова. Вучні разважалі над праблемай маральнага выбару на вайне ў аповесці В.Быкава “Жураўліны крык”. Сюжэт твора захапіў усіх сваёй шчырасцю, пранікнёнасцю і трагічнасцю. На ўроку хлопцы і дзяўчаты параноўвалі характары і ўчынкі герояў аповесці, высвятлялі вытокі гераізму адных і здрады другіх. З лёгкасцю вучні адказвалі на пытанні віктарыны “Закончы фразу”, літаратурный размінкі “Пазнай героя па апісанні”. Асабліва спадабаўся васьмікласнікам сваеасаблівы працэс-суд над здраднікамі Радзімы. Вучні выступалі ў якасці абвінаваўцы і адваката, шукалі адказ на пытанне, ці можна апраўдаць здрадніка.
Незвычайным было інтэрв’ю журналіста і байца-дэзерціра. Вучні эмацыйна і пераканаўча выглядалі ў гэтых ролях. Давялося на ўроку адчуць сябе і на месцы маладзенькага байца, які піша ліст маці перад апошнім боем.
Мультымедыйная ўстаноўка дапамагала ўроку быць наглядным. А праслухоўванне песні Р. Гамзатава “Жураўлі” ў многіх выклікала пачуццё жалю. Жураўліны крык стаў сімвалам дачасна абарваных вайной маладых жыццяў. Урок прымусіў задумацца аб тым, што мы мала цэнім магчымасць жыць у мірны час. Многім захацелася даведацца больш пра сваіх сваякоў у гады вайны. Урок стай карысным для ўсіх.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Сакратарова С.М.
Літаратура-музычная вечарына “Чароўны свет кахання”
18 лютага ў рамках тыдня беларускай мовы і літаратуры праведзена літаратура-музычная вечарына “Чароўны свет кахання” сярод вучняў 11 класаў. Сустрэліся, каб пагаварыць пра адно з цудоўнейшых пачуццяў, якое ўпрыгожвае жыццё кожнага чалавека, дае яму крылы і прымушае гулка біцца сэрца.
Чыталіся творы беларускай літаратуры, прысвечаныя гэтаму загадкаваму пачуццю. Спадарожніцай паэзіі была музыка: спявалі песні, гралі на фартэпіяна i гiтары, танчылі. Вучні далучыліся да маленькай часткі вялікай паэтычна-музычнай скарбніцы, якой ганарыцца наша беларуская літаратура.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Жвалевіч Т. М.

Музычнае аздабленне: Чалнакова Т.В.
Фота: Дзямешка А. С.
Падарожжа па краіне
16 лютага 2016 вучні 6-х класаў адправіліся ў чароўнае і незвычайнае падарожжа па нашай краіне. Завочная вандроўка праходзіла ў форме гульні-віктарыны. Мерапыемства было прысвечана тыдню беларускай мовы, які праходзіць зараз ў нашай школе. На працягу ўсяго падарожжа вучні любаваліся на прыгожыя, дзівосныя краявіды, прыслухоўваліся да песень, што спявае наша родная зямля, актыўна адказвалі на пытанні віктарыны, захапляліся беларускай паэзіяй. Усе вучні праявілі сябе сапраўднымі знаўцамі гісторыі свайго народа, у сэрцы кожнага было адчуванне вялікага гонару за сваю Радзіму. Мерапраемства прайшло ў цеплай сяброўскай атмасферы, ва ўсіх панаваў добры настрой.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Царова Т.П.
 

© Государственное учреждение образования "Средняя школа №37 г.Могилёва".
Регистрационное свидетельство Государственного регистра информационных ресурсов № 7141000978 от 05.07.2010 г.
Разработка и ведение сайта: Галиновский А.В. tco_kab@tut.by

МГОИРО Управление образования могилевского облисполкома